НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),

візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)